1

1 Паўла, вязень Хрыста Ісуса, а Цімох брат, Хілімону любоваму й супрацаўню нашаму

2 А сястры Апфе а Архіпу, сябру-жаўнеру нашаму, а царкве, што ў доме ягоным:

3 Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хыста.

4 Дзякую Богу свайму, заўсёды мянуючы цябе ў малітвах сваіх,

5 Чуючы празь міласьць а веру тваю, каторую маеш да Спадара Ісуса і да ўсіх сьвятых,

6 Каб учасьце твае ў веры папрыяла ў супоўным пазнаньню кажнага добрага, каторае ёсьць у нас узглядам Хрыста.

7 Бо мы маем вялікую радасьць а пацеху зь міласьці твае, бо табою, браце, пасілена сэрца сьвятых.

8 Затым, маючы вялікую ў Хрысту адвагу расказаваць табе, што належыцца,

9 Зь міласьці я валей дужа прашу, будучы такі, як Паўла, стары, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста;

10 Дужа прашу цябе за дзяцё мае Анісіма, каторага я радзіў у зялезах сваіх.

11 (Ён быў калісь бескарысны табе, але цяпер карысны табе й імне),

12 Каторага я паслаў назад да цябе, ты ж прыймі яго, як мае сэрца.

13 Я зычыў дзяржаць яго пры сабе, каб ён мог замест цябе паслужыць імне ў зялезах дзеля Дабравесьці;

14 Але бяз згоды твае нічога не хацеў рабіць, каб добры ўчынак твой быў ня высілены, а самахво-тны.

15 Бо можа дзеля тога ён адхінуўся на час, каб ты меў яго супоўна на векі,

16 Ужо не як нявольніка, але вышэй за нявольніка, любовага брата, асабліва імне, і пагатове табе, і подле цела, і ў Спадару.

17 Дык, калі ты маеш мяне за сябру, прыймі яго, як мяне.

18 Але калі ён цябе ўкрыўдзіў у чым або што вінен, лічы гэта зь мяне.

19 Я, Паўла, напісаў собскаю рукою сваёй: я заплачу; не кажу табе, што ты запраўды сябе самога імне вінен.

20 Але, браце, я хацеў бы мець карысьць ізь цябе ў Спадару, пасілі сэрца мае ў Хрысту.

21 Будучы пэўны паслухменства твайго, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чымся я кажу.

22 Але заразом прыгатуй імне гасподу, бо я спадзяюся, што пераз малітвы вашы буду вам даны.

23 Здаровае цябе Епафра, сувязень мой у Хрысту Ісусу,

24 Марка, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацаўні мае.

25 Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста будзь із духам тваім.