1 Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, -
2 бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам -
3 пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць - з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
4 І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
5 І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
6 Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
7 а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
8 Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
9 Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
10 Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
1 Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:
2 Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.
3 А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.
4 Хто кажа: "я спазнаў Яго", а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;
5 а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
6 Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.
7 Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
8 Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
9 Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
10 Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
11 А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
12
13
14
15 Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
16 бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
17 І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
18 Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
19 Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
20 Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
21 Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
22 Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той - антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
23 Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызна Сына, мае і Айца.
24 Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
25 А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
26 Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
27 А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
28 Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
29 Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.
1 Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.
2 Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
3 І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
4 Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.
5 І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
6 Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.
7 Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.
8 Хто чыніць грэх, той ад д'ябла, бо спачатку д'ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д'ябла.
9 Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
10 Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
11 Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго,
12 ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
13 Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
14 Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
16 Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
17 А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая?
18 Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
19 І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
20 бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
21 Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
22 і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
23 А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
24 І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.
1 Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
2 Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
3 а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
4 Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
5 Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
6 Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
7 Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
8 хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
9 Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
10 У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
11 Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
12 Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
13 Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
14 І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
15 Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
16 І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
17 Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
18 У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
19 Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
20 Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
21 І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
1 Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго.
2 Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных.
3 Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.
4 Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, - вера нашая.
5 Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
6 Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна.
7 Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры - Адно.
8 І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.
9 Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
10 Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
11 Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.
12 Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
13 Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
14 І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас;
15 А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, - ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.
16 Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся.
17 Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
18 Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго.
19 Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.
21 Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.