1

1 Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.

2

Усё зьнішчу з аблічча зямлі, - кажа Гасподзь:


3

зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.


4

І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,


5

і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,


6

і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.


7

Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.


8

І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;


9

наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.


10

І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.


11

Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.


12

І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: "ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха", -


13

і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія - запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.


14

Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі - і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!


15

Дзень гневу - дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,


16

дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.


17

І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя - як памёт.


18

Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.

2

1

Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,


2

пакуль ня прыйшло вызначэньне - дзень праляціць, як мякіна - пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.


3

Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.

4

Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.


5

Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе - на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,


6

і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.


7

І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.


8

Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.


9

Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.


10

Гэта ім - за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.


11

Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца - кожны месца зь месца свайго - усе выспы народаў.


12

І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.


13

І працягне Ён руку Сваю на поўнач - і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,


14

і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць - у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.


15

Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: "я - і няма іншага апроч мяне". Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.

3

1

Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!


2

Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.


3

Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.


4

Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.


5

Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.

6

Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.


7

Я казаў: "бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне"! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.


8

Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.


9

Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.


10

З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі.


11

У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.


12

Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.


13

Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.


14

Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!


15

Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.


16

У той дзень скажуць Ерусаліму: "ня бойся", і Сіёну: "хай жа ня слабнуць рукі твае!


17

Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю".


18

Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.


19

Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.


20

У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.